Канцэрт сярэднявечнага року з тэатральным перфомансам да свята Дзядоў ад гурта Вока Чарота.
Расплюшчыць вочы і не зразумець дзе знаходзішся. Гэта падобна да дзіўнай мроі, якая паступова пераўтвараецца ў кашмар. Цемра вакол наступае, цягне да цябе каржакаватыя лапы, прарастае ўнутры.
…А недзе ў іншым свеце — ноч засталася за дзвярыма. Там цёпла і утульна. Сям’я рыхтуе вячэру, накрываюць стол і спяваюць песні. Там сустракаюць свята Дзядоў.
Ці магчыма патрапіць з аднаго свету ў іншы?
Дзяды — традыцыйнае свята памінання продкаў на Беларусі. Лічылася, што ў гэты дзень мёртвыя прыходзілі да жывых — вячэраць. Трэба накрыць багаты стол ды запрасіць усіх продкаў па імёнах. Потым забаўляць ды шанаваць дзядоў, дзяліцца ежай.
«Праз цемру ў вырай» — гэта канцэрт сярэднявечнага року, прысвечаны святу Дзяды. У першай частцы вас чакае тэатральная імпрэза пад жывы гук з акторамі, тэатрам танца POSTSCRIPTUM і перфомансам ад REY SHOW.
У другой частцы вы пачуеце, што будзе, калі аб’яднаць сучасную рок-музыку, сярэднявечныя інструменты і сюжэты містычных паданняў. Усё гэта — музыка гурта Вока Чарота.
Працягласць 1 гадзіна 30 хвілін (без антракта)
Прэм’ера — 2 лістапада 2024